In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Белавежскі лістапад

У апошні месяц восені камеры-фотапасткі парадавалі нашых чытачоў цікавымі здымкамі і відэасюжэтамі. Абагульняем лістапад 2014 у адзіны агляд. 

У лістападзе мы ўпершыню на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы» апублікавалі цікавага звера – янотападобнага сабаку! Узімку яны кладуцца ў спячку. Янотападобныя сабакі былі завезены ў Беларусь у 1950-я гады з Японіі, Кітая і Карэі, і шырока распаўсюдзіліся па краіне. Дзякуючы сваёй пластычнасці, гэта від змог істотна «пасунуць» свайго бліжэйшага абарыгеннага канкурэнта – барсука.

- Колькі іх зараз – ніхто не дасць дакладны адказ. У нас праблемы з іх улікамі: янотападобныя сабакі жывуць у забалочаных лясах, цяжка весці назіранні,- адзначае вядучы навуковы супрацоўнік ДПУ НП «Белавежская пушча», кандыдат біялагічных навук Аляксей Буневіч. – Раней на яе палявалі з-за каштоўнага тлушчу гэтага звера. А зараз інтарэсу няма, бо гэты від можа быць переносчыкам шаленства. 

Сустрэць у лесе «сабаку-енота» даволі цяжка, яна вядзе больш начны лад жыцця. Знаёмім вас з дзённым і начным кадрамі. Калі тэмпература паветра будзе ніжей мінус 10, то сабакі будуць хавацца у норах і адпачываць да сакавіка.  

І свежы здымак фотапастак — пара сабак ноччу.

Сярод здымкаў з камер-фотапастак яшчэ не было лася. Выпраўляем сітуацыю – і адразу «сямейнае фота»! Колькасць лася ў Белавежскай пушчы невысокая. Гэты від аддае перавагу вільготным лясам, балоцінам, дзе яму дапамагаюць доўгія ногі і шырокія капыты. А вось навошта яму барада – на гэтае пытанне так і няма пэўнага адказу. Удзельнікі валанцёрскіх лагераў АПБ па ўліку вяртлявай чаротаўкі рэгулярна сустракаюць яго ў Белавежскай пушчы на балоце Дзікае. Зараз у лася гон — шлюбны перыяд. Калі ў аленя ён называецца «роў», бо самцы равуць уначы, то ў лася – стогн.

Яшчэ адзін цікавы здымак фотапастак — воўк у пагоні за здабычай. Але і жыццё беларускіх ваўкоў як у Белавежскай пушчы, так і ва ўсёй краіне, няпростае. Паляванне на ваўка ў Беларусі дазволена амаль паўсюдна, таму гэты драпежнік інтэнсіўна знішчаецца. Прычым яшчэ нядаўна воўк увогуле афіцыйна быў аднесены да «шкодных» відаў. Але дзякуючы актыўнай грамадскай кампаніі паняцце «шкодныя віды» было прыбранае з новай рэдакцыі правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, што набылі моц у 2014 годзе.

Ці паспее ўцячы алень? Ці застанецца галодным воўк? Гэтыя пытанні застаюцца за кадрам фотапастак. Сачыце за «Каналам дзікай прыроды»! 

Сустракайце адразу 3-х зуброў на фота з Белавежскай пушчы! Сямейны сюжэт :)
- Зубрыца нараджае патомства не кожны год, як большасць жывёл, а 1 раз на 2-3 гады. Пры гэтым яна корміць дзіця малаком на працягу 2-х гадоў. Калі ўжо нарадзілася наступнае зубраня, а першаму не споўнілася 2 гады, то зубрыца будзе карміць і старэйшага, і малодшага,- адзначае вядучы навуковы супрацоўнік ДПУ НП «Белавежская пушча», кандыдат біялагічных навук Аляксей Буневіч. 

Зубрыца нараджае заўсёды 1 зубраня. У свеце вядомыя толькі 4 выпадкі, калі нараджалася двойня. У Беларусі не адзначана ніводнага такога выпадка. 

Ваўкі Белавежскай пушчы на гэтым відэа – сапраўдныя сінхраністы! Разбягаюцца ад цэнтра па краях, як на сцэне! 

Зараз на тэрыторыі нацпарка пастаянна жыве некалькі сем'яў ваўка. Вынікі зімовых улікаў жывёл паказваюць адносна стабільную колькасць ваўкоў, якая на працягу апошніх некалькіх гадоў трымаецца на ўзроўні 20-25 асобін.
Узімку ваўкі ў асноўным трымаюцца зграямі, толькі некаторыя вымушаныя весці адзіночны лад жыцця. З прыходам вясны зграі распадаюцца, і сямейныя пары спяшаюцца добраўпарадкаваць логава. А пакуль – глядзім масавае відэа ваўкоў!

Перад намі — яскравы прадстаўнік белавежскіх аленяў! Звярніце ўвагу — на яго рагах пяць атожылкаў. Прынята лічыць, што па колькасці атожылкаў на рагах можна вызначыць узрост: колькі іх — столькі і гадоў. Але гэта не зусім так. Масіўнасць рагоў толькі прыкладна адлюстроўвае ўзрост і кажа аб агульным фізічным стане жывёлы. А да старасці рогі наогул дэградуюць. 

Рогі алені будуць насіць яшчэ да лютага — пачатку сакавіка, ужо выключна для абароны, і толькі тады скінуць. Можа яшчэ пабачым такіх прыгажуноў на зімовых фота! 

Камера-фотапастка «шчоўкнула» шэрага драпежніка ў пошуках ежы. Зіма – складаны час для многіх жывёл. У тым ліку і для ваўкоў. Даследаванні ў польскай частцы Белавежскай пушчы паказалі, што надыход зімы і снег вымушаюць ваўка паляваць куды больш актыўна. Цікава, што пры вялікім снезе – 20 см глыбінёй – інтэнсіўнасць палявання ваўкоў павялічваецца амаль удвая! Асноўная здабыча ваўкоў Белавежскай пушчы – алені, у першую чаргу – маладыя і аслабленыя жывёлы. 

А між тым янотападобныя сабакі ў Белавежскай пушчы яшчэ ня спяць! Доказ таму – свежы здымак 23 лістапада з аўтаматычных камер-фотапастак: жывёла з пушыстай поўсцю гуляе па снезе. Звычайна сабакі кладуцца спаць пасля маразоў ад 10 градусаў і вышэй, для апартаментаў выбіраюць норы барсукоў і іншыя «цёплыя» месцы. Цікава, што сабакі шукаюць пару яшчэ восенню, каб класціся ў спячку разам і не клапаціцца пра сваю «другую палову» вясной. 

Кладзіцеся спаць, янотападобныя сабакі! І да сустрэчы ў сакавіку!

Віншуем вас са снежным снежнем і запрашаем разам з намі сачыць за развіццём падзей на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы»! 

Вікторыя Церашонак, прэс-служба АПБ

Таксама глядзіце
Ваўкі Белавежскай пушчы: паляваць ці ахоўваць?
Як клімат змяняе паводзіны рэчкі: у Белавежскай пушчы прайшоў Тыдзень водна-балодных угоддзяў
«Болотные» мастер-классы прошли в Каменюкской средней школе
Водна-балотны тыдзень у Белавежскай пушчы
Ошейники у волков, отловленных в 2015 году, отсоединились
Падарожжа з драпежнікам, альбо вітаем на "Воўчым блогу"
По пуще гуляет рысь с тремя котятами! Есть надежда на рост популяции.
Волк в Беловежской пуще: стрелять нельзя помиловать?
В «Выгонощанском» хищники чувствуют себя хорошо
"Заповедные" волки — новый сезон