Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) выбрала птушкай 2018 года шчыгла!
У рамках кампаніі "Шчыгел – птушка 2018 года" арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэта якіх паказаць прыгажосць і прыцягнуць увагу да праблем гэтага віду. Спампаваць палажэнне конкурсаў у рамках кампаніі "Шчыгел — птушка 2018 года."
Каб пазнаёміць вас з птушкай года, асаблівасцямі яе жыцця і цікавосткамі, характэрнымі для гэтага віду, мы падрыхтавалі прэзентацыю "Шчыгел — птушка 2018 года". Спампуйце яе з нашага сайта!
Шчыгел умее здзіўляць. Не верыце? Прапануем вашай увазе
10 цікавых фактаў пра шчыгла
Калі ў вас ёсць карысныя ідэі і прапановы, якія можна ажыццявіць у рамках кампаніі, дасылайце іх, калі ласка, на паштовую скрыню каардынатара salavei@ptushki.org.
Будзем вельмі ўдзячныя!
Нацыянальная кампанія "Птушка года"
Нацыянальную кампанію "Птушка года" АПБ праводзіць з 2000 г. Галоўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас. У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава.
Прыродаахоўныя мерапрыемствы ў межах кампаніі
Адной з пагрозаў для шчыглоў і іншых птушак з’яўляюцца шкляныя вокны – птушкі не заўважаюць іх і разбіваюцца. АПБ заклікае размяшчаць на такіх паверхнях адмысловыя налепкі, гэта зменьшыць колькасць птушыных ахвяраў.
Свойскія і бадзяжныя каты таксама скарачаюць жыццё птушцы года. Калі ў вас ёсць кот, паклапаціся пра тое, каб надзець яму ашыйнік са званочкам – кот не зможа ўпаляваць птушку года.
Сустрэлі птушку года — занясіце інфармацыю пра сустрэчу ў базу дадзеных. Кожная сустрэча гэтай птушкі — і зімой і летам — вельмі важная. Дапамажыце навукоўцам скласці мапу!
Паслухаць голас птушкі 2018 года і паназіраць за яе паводзінамі можна ніжэй на відэа фільме студыі Ігара Іванавіча Бышнёва «AVES». Іншыя фільмы гэтай студыі тут.