Вясна – пара абуджэння прыроды. Час, калі начны лес напаўняеца першымі гукамі яго таямнічымічых жыхароў. Аднымі з першых дабаўляюць каларыт і багацце гукаў лясной какафоніі нашыя пярнатыя начныя драпежнікі – совы. Пачуць гэтыя гукі пад час начных улікаў, дапамагчы ў вырашэнні «кватэрнага пытання», актыўна адпачыць і папрацаваць разам для соў і людзей — менавіта з гэтай нагоды, з 21 па 23 сакавіка ля ваколіц в. Гусак Маларыцкага р-на Брэсцкай вобласці адбыўся 3-ці семінар-летнік у рамках праекта «Прырода аб’ядноўвае людзей» , які ажыццяўляецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ.
Штодзённыя сюрпрызы веснавога надвор’я і на гэты раз не абмінулі семінар-летнік. Пры правядзенні першых начных улікаў дастаткова ціхая ноч змянілася ветранай снежнай завірухай. Не дзіўна, што совы не праявілі аніякай галасавой актыўнасці, затое ў вялікага бугая на сажалках рыбгаса «Руда» быццам адкрылася другое дыханне. Быццам падснежнікі, вярталіся удзельнікі ўлікаў на базу пад суправадженне таямнічых гукаў з боку абвадных каналаў рыбгаса, валадарамі якіх з’яўляюца бабры, і шэрых чапляў з мясцовай калоніі. Затое цішыня і цеплыня наступнай луннай ночы падарыла магчымасць удзелькам адной з груп пачуць пугача , шэрую кугакаўку , вушастую саву , касматаногага сыча .
Пад час семінара-летніка апроч начных ўлікаў соў і штодзеннай працы (пад песні баравога жаўрука і курлыканне журавоў) па вырабу штучных гнездавых скрынь для розных відаў соў, іх развешвання, знаёмства з вопытам Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення ГА АПБ па вывучэнню начных драпежных птушак, было і, канешне ж, назіранне за прылётам птушак.
Разам, для птушак і людзей!
Вадзім Пракапчук,
каардынатар праекта, Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзяленне АПБ
Фота аўтара і Сяргея Сідарука