In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Белыя буслы, якія засталіся ў нас на зіму — ці трэба іх ратаваць?

У апошнія гады мы маем усё больш паведамленняў пра тое, што ў нейкай мясцовасці белы бусел (Ciconia ciconia) застаўся зімаваць побач з намі. Калі яшчэ некалькі гадоў таму можна было з вялікай імавернасцю сказаць, што хутчэй за ўсё гэта хворая ці параненая птушка і толькі таму яна не адляцела разам з іншымі бусламі на зімоўку ў Афрыку, у апошнія гады сітуацыя змяняецца. 

Павялічваецца колькасць відаў і птушак, якія не адлятаюць ад нас на зіму, хаця раней заўсёды рабілі гэта, калі маглі фізічна, і гэта не толькі белыя буслы. Таму варта паспрабаваць паглядзець на сітуацыю з іншага боку.

Пачнем з першай важнай умовы, на якую звяртаюць увагу людзі, якім неабыякавы лёс дзікіх птушак. Птушкам узімку (можа быць) холадна. Але пер’е, а больш дакладна паветра, якое ўтрымліваецца паміж пёрамі, — гэта найлепшы прыродны цеплаізалятар. Аднак можна ўспомніць, што ў буслоў і многіх іншых птушак неапераныя ногі. І тут варта нагадаць, што ў птушак крывяносная сістэма моцна адрозніваецца ад нашай. У нагах птушак артэрыі і вены змяшчаюцца такім чынам, каб цяпло ад цёплай крыві артэрый аддавалася халоднай крыві ў венах.

Такім чынам, вянозная кроў, якая вяртаецца ў цела, не ахалоджвае яго, а з іншага боку, артэрыяльная, якая паступае цёплай у ногі, мае ўжо меншую тэмпературу і таму змяншае страты цяпла праз скуру ног. Дадаткова птушкі не толькі могуць хаваць адну нагу пад пер’ем, складваючы яе, але і змяншаць паступленне крыві ў ногі дзякуючы спецыяльным мышцам. Яшчэ застаецца дзюба, якая не пакрытая пёрамі. Але яе знешняя частка збудаваная з кераціну і звычайна зусім не мае крывяносных сасудаў, таму і не можа траціць цяпло.

Даўно вядома, што птушкі адлятаюць ад нас на зіму не таму, што не змаглі б вытрымаць нашых маразоў, але таму, што праз снег і параўнальна кароткі дзень не могуць знайсці дастаткова ежы, каб доўгай ноччу траціць назапашаную ўдзень энергію.

Таму наступны важны чыннік – ежа. У нашы былыя «звычайныя» зімы буслы мелі мала шанцаў знайсці дастаткова ежы, але ў апошнія гады, калі маразы параўнальна непрацяглыя, а снегу мала ці ляжыць ён не ўсю зіму, буслы могуць паспяхова лавіць грызуноў, харчавацца здыхляцінай або рэшткамі нашай ежы на сметніках. Магчыма, што гэтага не заўсёды шмат, але пры эканоміі энергіі (мала руху, многа адпачынку) можа хапіць. Менавіта таму многія птушкі — не толькі буслы — зімой могуць выглядаць снулымі. Аднак гэта не праява хваробы, а хутчэй менавіта эканомія энергіі. Спробы адлавіць такіх птушак зімой чыняць ім нашмат больш шкоды, чым карысці, бо вымушаюць адлятаць ці інакш пазбягаць кантакту з «ратавальнікамі», і такія незапланаваныя страты энергіі могуць прывесці нават да смерці ў марозную ноч.

Нядаўнія даследаванні, праведзеныя на маладых птушках першага году жыцця ў Германіі з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў, паказалі, што ўсе шэсць буслоў, якія засталіся зімаваць у гэтай краіне, засталіся жывымі ў наступную пасля вылету з гнязда вясну, тады як толькі 60 % маладых буслоў выжыла з тых, што адляцелі на зімоўку ў Афрыку.

Таму там, дзе ўмовы дазваляюць, – а гэта найперш параўнальна цёплыя зімы і амаль неабмежаваны доступ да ежы (звычайна на сметніках), белыя буслы застаюцца на зімоўку, нікуды не адлятаючы. І гэта усё больш тычыцца ў апошнія дзесяцігоддзі Партугаліі і Гішпаніі. Калі ж гэтая стратэгія будзе падтрымлівацца натуральным адборам і ў нас, то ўсё больш белых буслоў будзе праводзіць зімы побач з намі.

Паводле PTOP- Polskie Towarzystwo Ochrony Ptaków падрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскі для birdwatch.by

Здымак Алега Кальчанкі

Таксама глядзіце
303 молодых аиста полетят из Беларуси в Африку на зимовку с новыми кольцами
Аист из Беларуси — на Синайском полуострове!
Аист из Бродятина второй год провел в Литве
Перепись белого аиста: помогите обработать анкеты!
Промежуточные итоги переписи аистов в Беларуси: птиц стало больше!
BikeBirdWatching 19 ліпеня
Велосипедные учеты прошли в Ушачском районе
Первые новости аистиной переписи
ЛЭП — жизнь или смерть
В Беларуси стартовала национальная перепись аистов