Вялікія арляцы – наздвычай рэдкія птушкі, якім пагражае глабальнае знікненне. Каб дапамагчы ім выжыць, важна дазнацца больш пра іх жыццё і тое, што ім пагражае. Для гэтага ў 2017 годзе мы адлавілі і пазначылі датчыкамі восем вялікіх арляцоў. Датчыкі дасылаюць сігналы і расказваюць нам пра іх падарожжы, за якімі ты можаш сачыць на карце.
Пакуль нашыя вялікія арляцы працягваюць весці звыклы лад жыцця на зімоўцы. Але хутка яны выправяцца дадому, і мы зможам назіраць за іх пералётам..
Нагадаем, што арляцы Тур, Ціхан, Пярун і Паляшук зімуюць у Афрыцы, а астатнія — на Балканскай паўвыспе: у Грэцыі ці на мяжы з ёй.
Мы захацелі даведацца больш пра ўмовы жыцця нашых арляцоў на зімоўцы. Ці шмат іх суродзічаў праводзіць зіму ў тых жа месцах? Чым яны там харчуюцца?
Нам удалося звязацца з двума нацыянальнымі паркамі Грэцыі і атрымаць адказы на нашыя пытанні.
Хто ў лес, хто на раку
У нацыянальным парку «Дэльта ракі Аксьёс» на поўначы Грэцыі зімуюць беларускія арляцы Блонд і Юзэфіна. У Беларусі яны жылі на розных тэрыторыях, а вось у Грэцыі аказаліся суседзямі.
Рака Аксьёс. Фота Нацкапрку "Дэльта ракі Аксьёс"
У гэтым жа нацпарку зімуюць і іншыя вялікія арляцы. З якіх краін яны прыляцелі – невядома. Можа, Юзэфіна і Блонд там не адзіныя землякі. У нацпарку ўзрадаваліся, што ад нас яны атрымалі першыя звесткі пра тое, адкуль да іх прылятаюць гэтыя арлы.
На відэа можна паглядзець на дэльту ракі Аксьёс з вышыні птушынага палёту — вачыма нашых арляцоў!
Кожную зіму ў парку рэгіструюць ад 6 да 20 птушак гэтага віду. Летась іх было зарэгістравана восем. Звычайна 1-2 арляцы зімуюць на рацэ Аксьёс, а большасць аддае перавагу лесу Альякманас. Юзэфіна, напрыклад, вырашыла жыць каля гэтай ракі, уздоўж якой у асноўным і лётае, а вось Блонд адпачывае ў лесе недалёка ад дэльтаў рэк, што цякуць праз яго і ўпадаюць у заліў Тэрмаікос.
Рэстаран ў гарах
У нацыянальным парку «Лес Дадзья-Ляўкіміс-Суфлі», што на паўночным усходзе Грэцыі, з верасня па красавік таксама назіраюць па некалькі вялікіх арляцоў. У пікавы сезон – са снежня па сакавік – рэгіструецца па 6-8 асобін гэтых птушак.
Яны разам з іншымі арламі і сіпамі прылятаюць на адмысловыя падкормачныя станцыі, дзе харчуюцца мёртвымі буйнымі жывёламі, целы якіх пакідаюць ім супрацоўнікі парку. Тут можна сустрэць больш за палову відаў драпежных птушак Еўропы!
Драпежныя птушкі частуюцца ў "рэстаране" нацпарку "Лес Дадзья". Фота: visitsoufli.com
Рэгулярна наведвае гэты «арліны рэстаран» і нашая Дзяніса, якая адмыслова прылятае сюды з нацпарку «Гола-голу» ў турэцкай Усходняй Фракіі. Ці то ў тым яе «гатэлі» няма праграмы «ўсё ўключана», ці то тамтэйшае меню ёй чымсьці не дагадзіла, ці проста захацелася пакаштаваць экзатычных страваў, але ў любым разе Дзяніса абрала своеасаблівы, не самы характэрны для вялікіх арляцоў рацыён. Аснову рацыёну гэтых птушак у Беларусі, напрыклад, складаюць дробныя балотныя птушкі, грызуны ды амфібіі.
Але Дзяніса знайшла для сябе стол, які заўжды накрыты, і ахвотна частуецца з яго.
На відэа ты можаш паглядзець на зімовы лес Дадзья і яго драпежных птушак.
А дзе Альжуся?
Яшчэ адна нашая арліца – Альжуся – зімуе на захадзе Грэцыі, на рацэ Ахелоас, не на ахоўваемай тэрыторыі. Яна аблятае прырэчныя палі, а часам лётае ўздоўж ракі далей углыб краіны.
Рака Ахелоас. Фота: mapio.net
Для арляцоў добра, калі яны абіраюць месцамі зімоўкі тэрыторыі, што знаходзяцца пад аховай. Там у іх больш спрыяльныя і бяспечныя ўмовы, каб перажыць зіму. А гэта надзвычай важна для птушак, што знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення. Таму мы крыху турбуемся за Альжусю. Апошні сігнал ад яе мы атрымалі 3 лютага. Спадзяемся, што яна хутка «выйдзе на сувязь».
Як ты можаш дапамагчы вялікім арляцам?
Ты можаш ахвяравацьна акцыю «Выратуй арляня!» па пошуку і ахове гнёзд вялікіх арляцоў. Гэтых птушак засталося ў Беларусі ўсяго 120-160 пар! Кожны ўнёсак у справу іх захавання вельмі важны.
Пра праект сачэння за арляцамі
Двухгадовы праект "Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага віду вялікага арляца ў Беларусі" праводзяць арнітолагі Эстонскага ўніверсітэта навук аб жыцці, ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", Eagle Club (Эстония) і НАН Беларусі. Міністэрства замежных спраў Эстоніі фінансава падтрымала сачэнне за шасцю арляцамі, а датчыкі для яшчэ дзвюх птушак прадаставіў Брытанскі траст па арніталогіі (BTO).
Адловы птушак у Белавежскай пушчы падтрыманыя Франкфурцкім заалагічным таварыствам (ФЗТ).