27 студзеня прайшоў ХХІ З'езд АПБ. На штогадовую сустрэчу завітала сотня ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі.
Праграма З’езду была насычаная: цікавыя справаздачы і даклады пра многае, што было зроблена АПБ у 2017 годзе, узнагароджанне самых актыўных аддзяленняў і валанцёраў АПБ, пераможцаў чэмпіянатаў па фотабёрдынгу і – упершыню ў Беларусі – наданне звання Абаронцы дзікай прыроды тром прыродаахоўнікам. А напрыканцы З’езду адбыліся выбары ў Цэнтральны Савет і Рэвізійную камісію.
Удзельнікаў З’езду віталі Старшыня АПБ Васіль Грычык і Ганаровы сябра АПБ са Скідзеля Фрэдэрык Гушча.
Фрэдэрык Гушча
Перад пачаткам асноўнай часткі З’езду Васіль Грычык абвясціў хвіліну маўчання ў памяць Ганаровага сябра АПБ Георгія Васільевіча Гулеўскага з Гродна, які пакінуў гэты свет летась на 76-м годзе жыцця. «Гэта быў вельмі значны чалавек у гісторыі нашай арганізацыі, — сказаў Грычык. — Ён быў ініцыятарам арганізацыі ланшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Азёры», вядомым фотаанімалістам».
Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі выступіў з гадавой справаздачай АПБ.
Аляксандр Вінчэўскі
Сярод многага іншага, ён адзначыў, што будуць працягвацца як акцыя «Выратуй арляня», так і эстонскі праект па вялікіх арляцах. У Беларусі найбуйнейшая пасля Расіі папуляцыя гэтай птушкі. Каб даследаваць і захаваць гэты від, АПБ летась займалася пошукам новых гнёздаў вялікага арляца – у гэтым дапамагалі валанцёры і ахвярадаўцы. Разам з Эстоніяй распачалі праект па сачэнні за міграцыяй арляцоў – неўзабаве мы зможам назіраць за іх вяртаннем з зімоўкі дадому.
Аляксандр заклікаў усіх удзельнічаць разам з АПБ у народным маніторынгу птушак палёў і падпісваць петыцыю супраць пастак і воднага шляху Е40.
На з’ездзе абвясцілі аб уганараванні глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыяй BirdLife Internationalзваннем Абаронцы дзікай прыроды Уладзіміра Іваноўскага, Міхаіла Ярмоліча і Мікалая Вараб’я.
Абаронца дзікай прыроды Мікалай Варабей
На З’езд АПБ завітала госця з Кіева – Таццяна Кузьменка, якая прадстаўляла Украінскае таварыства аховы птушак.
Таццяна Кузьменка
Сярод таго, на чым акцэнтавалася дзейнасць гэтага таварыства ў 2017 годзе, яна згадала праект па захаванні Карпацкіх пралесаў і барацьбу з нелегальным продажам дзікіх птушак. Таццяна адсочвае абвесткі аб іх продажы ў інтэрнэце, вядзе перамовы з сайтамі аб кантролі за такімі аб’явамі.
Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сямён Левы расказаў пра Птушку 2018 года – чорнагаловага шчыгла. Асноўныя пагрозы для гэтай птушкі – празмернае абразанне дрэваў у гарадах, каты на вуліцы, люстраныя шыбы, знішчэнне бур’яноў на пустках – асноўнай крыніцы ежы шчыгла зімой.
Сямён Левы
На З’ездзе адбылося галасаванне за Птушку 2019 года. Кандыдатамі сталі вялікі арлец, чайка-рыбачка і абраная інтэрнаўтамі сівая жаўна. Падлік галасоў і абвяшчэнне птушкі года адбудуцца толькі напрыканцы года – пакуль жа інтрыга захоўваецца.
Каардынатар збору інфармацыі для Атласа птушак Беларусі Анастасія Кузьмянкова з в. Сасновы Бор адзначыла, што летась АПБ завяршыла пяцігадовы збор дадзеных па ўсёй Беларусі для Еўрапейскага атласа гняздуючых птушак. Гэта будзе другое, больш поўнае і актуальнае выданне (першае выходзіла 20 гадоў таму). Плануецца, што пасля праверкі і апрацоўкі дадзеных па ўсіх краінах, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы, атлас выйдзе ў 2020 годзе.
Анастасія Кузьмянкова
Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Максім Нямчынаў з Мінску расказаў пра ласасёвых Беларусі.
Максім Нямчынаў
Дагэтуль у некаторых рачулках нашай краіны нерастуюць гэтыя рыбы. Стронга застаецца тут увесь год, а кумжа і сёмга штовосень вяртаюцца да нас з мора на нераст. Яны любяць плыткія, халодныя, чыстыя рэчкі з каменьчыкамі на дне. На іх шляху шмат перашкодаў, у тым ліку гідраэлектрастанцый, таму даплываюць адзінкі. Каб захаваць ласосяў, важна, каб людзі ведалі пра іх і акуратна абыходзіліся з месцамі іх жыцця, захоўвалі іх чыстымі і не турбавалі рыб. Такую асветніцкую місію мае Ласасёвы цэнтр у Варнянах, адкрыты летась АПБ на базе мясцовай яслі-сада-сярэдняй школы.
Рэдактар сайта vouk.by Юрась Ускоў падрабязна расказаў пра Воўчы блог і тых ваўкоў, за якімі цяпер можна сачыць штодня. Хтосьці з іх мае зграю, а хтосьці – адзіночка. Хтосьці застаецца ў Белавежскай пушчы, а хтосьці заняты падарожжамі ва Украіну і Польшчу.
Юрась Ускоў
Пра перамяшчэнні ваўкоў інфармацыю даюць адмысловыя ашыйнікі, якія перадаюць СМС-сігналы. І калі ў першы год праекта ваўкі ніколы не пакідалі Беларусь, то цяпер адразу два «карыстаюцца роўмінгам».
Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Мікалай Чэркас з в. Лядскія расказаў падрабязнасці пра «воўчы праект» у Белавежскай пушчы, які АПБ праводзіць сумесна з гэтым нацпаркам і Франкфурцкім заалагічным таварыствам з 2015 года. Вывучаюцца іх паводзіны, харчаванне, роля ў экасістэме. Трэба сказаць, што мараторый на адстрэл ваўкоў, які дзейнічаў у нацпарку, вельмі спрыяў паўнавартаснаму правядзенню даследавання.
Мікалай Чэркас
У Белавежскай пушчы Мікалай займаецца і іншымі пытаннямі. Напрыклад, кальцаваннем вялікіх арляцоў (дарэчы, летась мы атрымалі вестку з Ізраіля пра акальцаванага намі арляца).
Мікалай звярнуў таксама ўвагу на інвазіўны від, які стварае небяспеку для пушчы: амерыканскі чырвоны дуб, які пасадзілі тут упершыню ў ХІХ стагоддзі. Цяпер ён займае тэрыторыю ў амаль паўтары тысячы гектараў. АПБ разам з вучонымі распрацавала адмысловы план па барацьбе з гэтай раслінай для нацпарка. Жалуды гэтага дуба ніхто не есць, а распаўсюджваюцца яны сойкамі на тры кіламетры. Гэты дуб можа расці на ўсіх тыпах глебы і блакуе рост іншых дрэваў. З ім цяжка змагацца, бо на пні хутка з’яўляецца мноства новых парасткаў. Гэта барацьба на дзесяцігоддзі, нават калі не марудзіць з яго вынішчэннем.
Андрэй Абрамчук
Андрэй Абрамчук, сябра ЦС АПБ з Брэста, расказаў, як летась разам з Дзянісам Кіцелем знайшоў больш за 30 участкаў, дзе жыве палятуха. Гэты начны звярок унесены ў міжнародную Чырвоную кнігу і ў Беларусі сустракаецца толькі на паўночным усходзе на мяжы з Расіяй, часцей за ўсё ў асінніках, ельніках, бярозавых гаях і змяшаных лясах.
Палятуху ўдалося зняць за момант да таго, як батарэя камеры разрадзілася
Дзмітры Вінчэўскі расказаў пра цікавосткі леташніх назіранняў за птушкамі ўдзельнікаў Клуб200 АПБ. Ён спадзяецца, што кандыдаты ў новыя віды птушак (у «чарзе» іх шэсць!) неўзабаве будуць зацверджаныя Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй і унесеныя ў афіцыйны спіс.
Зміцер Вінчэўскі
Напрыканцы З’езду сябры АПБ зацвердзілі фінансавую справаздачу і справаздачы Старшыні ды Рэвізійнай камісіі, пераабралі Старшынём АПБ Васіля Грычыка, абралі ў члены Цэнтральнага Савета на трэці тэрмін Ірыну Самусенка, а таксама прагаласавалі за тое, каб у склад Рэвізійнай камісіі ўвайшоў Генадзь Міндлін.
Спадзяемся, што гэты год таксама пройдзе плённа. Далучайся да сяброў АПБ і дапамагай нам захаваць родную прыроду. Разам мы можам зрабіць болей!
Фота Марыі Вінчэўскай, Даната Ермаковіча, Андрэя Абрамчука.