Зусім нечакана як для большасці навукоўцаў, так і для шырокай публікі,белая сава (Bubo scandiacus) змяніла статус на Vulnerable (уразлівы) з Least Concern (невялікая рызыка існаванню) у апошняй версіі Чырвонага спісу Міжнароднага саюзу аховы прыроды (МСАП).
Здымак з www.w-dog.net
Папярэднія ацэнкі стану папуляцый віду казалі пра прыкладна 200 тысяч птушак, сведчанняў змяншэння колькасці не было. Аднак нядаўнія даследаванні, праведзеныя Яўгенам Патапавым, Рычардам Сэйлам (Richard Sale) і іх калегамі паказалі, што від мае нашмат больш мазаічны арэал, чым меркавалася раней, і амаль усе вядомыя птушкі канцэнтруюцца ў сямі параўнальна свабодных агламерацыях. Цяпер колькасць cоваў ацэньваюць у прыкладна 14 тысяч пар. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што і памер гняздуючай папуляцыі, і арэал змяняюцца ў залежнасці ад даступнасці асноўных відаў ахвяраў. У летні сезон гэта амаль выключна розныя віды большых памерамі лемінгаў з родаў Dicrostonyx і Lemmus. У бедныя на лемінгаў гады папуляцыя белай савы можа змяншацца да 7 ці, магчыма, 5 тысяч пар!
У дадатак да неспрыяльных прыродных умоваў, у некаторых месцах можа адбывацца браканьерства і сутыкненні соваў з лініямі электраперадачы ці аўтамабілямі. Пацяпленне клімату можа таксама паўплываць на змяншэнне арэалу віду, бо ранняе раставанне снегу і змяншэнне снежнага покрыва адмоўна ўздзейнічаюць на распаўсюджанне і даступнасць відаў-ахвяраў.
«Гэтыя сучасныя, а ў выпадку змены клімату нават больш маштабныя ў будучыні пагрозы прывялі да таго, што колькасць віду змяншаецца і яго глабальны статус быў зменены да ўразлівага. Гэта значыць, што белая сава мае высокую рызыку знікнення ў сярэднетэрміновай перспектыве. Атрыманыя нядаўна моцна зменшаныя ацэнкі колькасці павінны дапамагчы не толькі ахоўным дзеянням, але і далейшым даследаванням віду»- сказаў Эндзі Саймс (Andy Symes), супрацоўнік BirdLife International.
У Беларусі белая сава сустрэтая ў гэтым стагоддзі толькі раз, у 2012 годзе ў заказніку «Ельня».
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзмітры Вінчэўскідля birdwatch.by
Здымак з www.w-dog.net