Калі: 27 студзеня 2018 г.
Дзе: актавая зала, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, вул. Макаёнка, 8, г. Мінск (ст.м. Маскоўская).
Падчас ХХ З'езду АПБ
На З’ездзе ты пачуеш цікавыя даклады: пра птушку гэтага года – шчыгла, пра падрыхтоўку птушынага атласа, пра працу «ласасёвага цэнтру», пра рэдкіх і незвычайных птушак, пабачаных летась у Беларусі, ды пра многае іншае. Ты зможаш прагаласаваць за птушку наступнага года, якая будзе абірацца з трох кандыдатаў.
Для ўсіх удзельнікаў мы зладзім цікавыя майстар-класы ды правядзем хітрую віктарыну з прызамі. Дарэчы, падаруначкі чакаюць і тых, хто прыйдзе ў вопратцы з птушкамі!
Сябры АПБ — заўжды з птушкамі. На фота Віка Церашонак
А яшчэ мы ўзнагародзім пераможцаў чэмпіянату па фотабёрдынгу і ўпершыню ў Беларусі ад імя BirdLife International упершыню ўганаруем абаронцаў дзікай прыроды.
Спампаваць праграму ў фармаце pdf.
На З’ездзе адбудуцца выбары ў Цэнтральны савет АПБ у сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў Старшыні АПБ В.В. Грычыка і сябра ЦС І.Э. Самусенка. Але гэтыя абодва сябры АПБ маюць права балатавацца на наступны тэрмін на тую самую пасаду.
Згодна з п. 4.8. Статута АПБ «Кандыдатуры Старшыні, а таксама сяброў Савета для галасавання на З’ездзе могуць вылучацца ЦС, альбо не менш чым 10 сябрамі АПБ, якія маюць актыўнае* выбарчае права». У апошнім выпадку намінацыі на гэтыя пасады ад сябраў АПБ павінны быць атрыманы Сакратарыятам не пазней за 25 студзеня 2018 г., каб падрыхтаваць працэдуру галасавання. Кандыдатуры ў ЦС павінны быць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, старэйшымі за 18 гадоў. (*Актыўнага выбарчага права на З’ездзе не маюць асобы да 16 гадоў, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства).
Статут вызначае, што на З’ездзе галасаваць могуць толькі сябры АПБ ва ўзросце ад 16 гадоў, кожны з якіх мае адзін голас.
Галасаванне на ХХ З'ездзе АПБ у 2017 годзе
Пасля З’езду адбудзецца ўрачыстая вячэра (для сяброў АПБ, якім ужо споўнілася 18 год). Кошт вячэры складае 20 руб.
Да 18 студзеня паведамі аб сваім удзеле Настассі Кісялёвай з АПБ (пры гэтым удакладні, ці ёсць у цябе якія-небудзь абмежаванні ў ежы, напрыклад, веганства альбо алергія): 8 029 1648616, е-мэйл famfrut@tut.by.
Таксама маецца магчымасць пражывання
- у гасцініцы Мінскага абластнога інстытута развіцця адукацыі (г. Мінск, вул. П. Глебкі, 88). Кошт месца – 6 руб.
- у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства: вул. Макаёнка, 8 (тры месцы, кошт аднаго – 29 рублёў), вул. Лук’яновіча, 18 (кошт аднаго месца у двухмясцовым нумары – 22 рублі, у чатырохмясцовым – 15 рублёў, у васьмімясцовым – 13,5 рублёў за ноч).
Калі ласка, паведамі ў Сакратарыят да 18 студзеня, калі табе патрэбная гасцініца: якая і на якія дні.
Запрашаем!
Валанцёры на ХХ З'ездзе АПБ
Кожны год на З’ездзе працуюць валанцёры, якія вельмі дапамагаюць правесці яго добра. Калі ты гатовы дапамагчы – то:
1. Шчыры дзякуй!
2. Звяжыся з намі: (8 017) 369 76 13, (8 029) 223 06 13, (8 029) 101 68 87 (кантактная асоба – Карына Салавей).
Да сустрэчы 27 студзеня!