Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Нацыянальны парк «Белавежская пушча» і Франкфурцкае заалагічнае таварыства прадстаўляюць супольны праект пра жыццё ваўкоў у пушчы.
Фота А. Пекача
— Мы даследуем ваўкоў ужо трэці год, і бачым, што ў нашых даследаваннях ёсць шмат цікавага для шырокай грамадскасці, — кажа каардынатар праграмы Віктар Фянчук. — Цікавасць да ваўка ў людзей заўжды была большай, чым да іншых жывёлаў. Таму мы і вырашылі стварыць сайт, дзе маглі б трансляваць свае даследаванні ў папулярнай форме. Да таго ж, гэтая інфармацыя, як мы бачым па «сюрпрызах», што падкідаюць нам ваўкі, будзе цікавая не толькі беларусам, але і нашым польскім і ўкраінскім сябрам.
Па Белавежскай пушчы бегаюць ваўкі, на якіх мы апранулі GPS-ашыйнікі: цяпер за прыгодамі чатырох драпежнікаў можна сачыць на адмысловым Воўчым блогу — сайце Vouk.by.
• Што смачнейшае — алень ці лось? А можа, увогуле дробныя грызуны?
• Як пераходзіць дзяржаўную мяжу, калі ты — воўк.
• Ці проста ваўку легчы адпачыць ускрай гасцінцу старога?
• Як ваўкі бавяць час у міжнародных вандроўках?
— Наша задача — паказаць ролю ваўкоў у экасістэме, — кажа Віктар.— У нашай краіне ваўкі лічацца непажаданымі жывёламі нават на тых тэрыторыях, якія мы самі аддалі прыродзе. Нам важна, каб стаўленне чалавека да ваўка грунтавалася не на нейкіх старадаўніх забабонах, а на навуковых дадзеных. А гэта дапаможа людзям зразумець ваўка і даць яму законна існаваць.
Далучайся да нас — абірай свайго ўлюбёнца і наперад, у вандроўку па пушчы!