In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Фінал салаўінай песні года!

Як прайшоў сёлета сезон салаўінай оперы? Якая вобласць пераможца па колькасці назіранняў? Ці магчыма «завербаваць» салаўя ў суседзі? Чытайце ў нашым аглядзе!

Сфатаграфаваць салаўя — сапраўдная ўдача! Сфатаграфаваць салаўя — сапраўдная ўдача!

На працягу амаль 2-х месяцаў мы прапаноўвалі пазначаць «сваіх» салаўёў на адмысловай карце.  У мінулым годзе на карце было 230 кропак, у гэтым – 341!Дзякуй за актыўнасць! 

Салаўіная геаграфія сёлета шырокая і разнастайная, але калі ў мінулым годзе самай мілагучнай вобласцю стала Магілёўская, у гэтым годзе бясспрэчны лідар – Брэсцкая вобласць! Віншуем!



19-21 мая ў Мінску адбыліся салаўіныя экскурсіі – на Птушыным востраве ў Парку Пабеды, у Севастопальскім і Лошыцкім парках.

Разам з арнітолагамі мы шукалі і слухалі салаўя ды іншых птушак. Салаўіныя экскурсіі таксама прайшлі ў Гомелі, Мядзеле, Чавусах і ў Жыткавіцкім раёне. З кожным годам аматараў салаўіных спеваў становіцца больш!

Шукалі салаўя разам! Шукалі салаўя разам!

Герой экскурсіі — салавей :) Герой экскурсіі — салавей :)


Калі вам сустрэцца з салаўём не давялося, раім паглядзець відэа Ігара Бышнёва і дакрануцца да лагодных спеваў. 

Чым карысныя кропкі назіранняў на карце? АПБ прааналізуе дадзеныя «салаўіных» месцаў і напіша лісты землекарыстальнікам, каб яны ведалі, што ў іх жывуць салаўі, і не пагаршалі ўмовы для сваіх «суседзяў».

Важна звяртаць увагу на стан гэтых тэрыторый не толькі на працягу акцыі. Мы заклікаем людзей паведамляць пра выпадкі, калі лісце збіраецца ў "салаўіных" месцах! Пачулі салаўя — праверце калі ласка: ці не збіраюць там лісце? Падрабязней пра апалае лісце можна прачытаць тут. 

Да якога часу спяваюць салаўі? 

Звычайна гэтыя птушкі спяваюць да таго моманту, пакуль сямейныя клопаты не пагрукаюцца ў дзверы: тут ужо не да спеваў, час карміць птушанят.  Апошняе назіранне ў гэтым годзе дададзена 24чэрвеня. Аб чым гэта сведчыць? Хутчэй за ўсё,наш позні спявак не знайшоў сабе пару ці страціў гняздо, якое было створана. 

Падчас акцыі адно з самых распаўсюджаных пытанняў – як пасябраваць з салаўём і заручыцца яго суседствам? Нагадаем не вельмі складаныя ўмовы, якія павялічваюць шанцы вясенне-летніх вечаровых канцэртаў. 

Як прывабіць салаўя на сваю сядзібу ці побач? 

  • Шмат чаго ў гэтай справе залежыць ад мясцовасці. Выдзел павінен быць дастаткова вялікі. Калі побач ёсць рака, канал ці сажалка, то шанцы, што салавей паселіцца, значна ўзрастаюць. Памер гнездавой тэрыторыі ў салаўя – мінімум 50 м2. Лепей за ўсё адвесці яму месца ў куточку ля агароджы.  
  • Гэтыя птушкі любяць вільготныя цяністыя месцы з зараслямі бур’яноў і хмызняку. Салаўі гняздуюцца на зямлі, а корм для сабе і птушянят могуць збіраць і вакол гнездавой тэрыторыі.
  • З хмызнякоў найлепей пасадзіць каліну, маліну, ажыну, бэз, чаромху, бружмель, бузіну чырвоную, спрацуе і вярба. 
  • Калі гушчыня хмызнякоў недастатковая, можна загусціць сухімі галінкамі. Добра, калі гэты хмызняк  часткова зарасце крапівой ды хмелем. Галоўнае, каб на ім не было травы, а толькі высокія травяністыя расліны ды апалае перагнілае лісце на зямлі. Гэты ўчастак павінен быць вільготным. Не залішнім будзе, калі ваш ці салаўіны ўчастак агарадзіць сеткай, гэта будзе добрай аховай ад бадзяжных катоў і сабак. 

Прадказаць з’яўленне гэтай птушкі на ўсе 100% нельга, але бясспрэчна на ваш дзікі куток завітаюць і іншыя птушкі –малінаўкі, дразды, лескі, чаротаўкі.  Магчыма вы станеце суседам не адной крылатай сям’і!

Дзякуй удзельнікам акцыі «Салаўіныя вечары з АПБ» за актыўнасць і любоў да прыроды і птушак. Да сустрэчы ў новым сезоне салаўіных канцэртаў!

Карына Салавей, каардынатарка акцыі «Салаўіныя вечары з АПБ» (прозвішча сапраўднае)

Таксама глядзіце
Салаўі, наспявайце нам лета!
Закрыццё сезону салаўінай оперы
Салаўіная вясна!
256 кропак на карце, або як па вясне салаўёў лічылі
Час збірацца на "Салаўіныя вечары" і даследаваць "Салаўіную карту"
Па якім адрасе спявае салавей? Складаем карту разам!
Дзе ж спяваюць салаўі?
Салаўіныя вечары з "Аховай птушак Бацькаўшчыны"
Запрашаем на салаўіныя экскурсіі!
Пачалася акцыя "Салаўіныя ночы"