Вынікі конкурса «Птушка-арт», які АПБ ладзіла 5 чэрвеня, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя.
Сусветны дзень навакольнага асяроддзя мы адзначылі конкурсам «Птушка-арт». Прыняць удзел вельмі проста – 5 чэрвеня выйсці на вуліцу, праявіць сваю фантазію на дварэ, задзейнічаць як мага болей чалавек, скласці з усіх удзельнікаў сілуэт птушкі года, а фотаздымак даслаць нам. У конкурсе прынялі ўдзел амаль 600 чалавек, а творчыя работы сапраўды ўражваюць сваей прыгажосцю і маштабамі!
Бясспрэчным пераможцам сталі дзеці з ДУА «Гімназія № 3 г.Віцебска імя А.С.Пушкіна». 70 чалавек пад кіраўніцтвам Святланы Шапіра і Людмілы Сомавай склалі жаўрука-смяцюха! Віншуем!
1 месца ў конкурсе "Птушка-арт"
Па колькасці ўдзельнікаў, задзейнічаных у творчым працэсе, перамагае ДУА «СШ №199 г.Мінск», кіраўнік Ларыса Авер’янава. Больш за 100 чалавек стварылі птушку 2017 года!
Пераможца па колькасці ўдзельнікаў
"Вялікі дзякуй за магчымасць паўдзельнічаць у такім цудоўным конкурсе-свяце! Для дзяцей было сапраўднае адкрыццё: як можна з людзей стварыць птушку? Шмат ідэй і прапаноў пачула ад сваіх "крылатых". Вырашылі правесці гэты конкурс пад дэвізам "Спявай звонка песню, чубаты жаўрук!". Лета, сонейка, рамонкі і дзіцячы смех падчас пастраення-ператварэння ў птушку. Толькі і чулася: « Я буду дзюбкай! Я — перкамі! А я -вялікі чуб!». 75 дзетак і 6 настаўнікаў спрабавалі «спяваць». І нешта атрымалася! Не вельмі падобнае на галаву спяваючага жаўрука, але нам было весела, радасна і цікава!" – дзеліцца сваімі ўражаннямі кіраўнік клуба АПБ «Крылаты дазор», Жанна Валетка.
Малюнак клуба АПБ Крылаты дазор г.Слуцка пад кіраўніцтвам Жанны Валетка
Шчыры дзякуй усім удзельнікам конкурса!
Жаўрук у выкананні СШ №2 г. п. Шаркаўшчына, кіраўнік — А. Пачэпка
«Птушка-арт» – гэта не толькі добрая і вяселая падстава пабавіць час на дварэ, але магчымасць зразумець, што ўсе мы сваімі ўчынкамі складаем адзіны малюнак жыцця наваколля: аб’ядноўвайцеся вакол дзікай прыроды разам з намі, станавіцеся сябрамі АПБ!
Вялікі дзякуй усім удзельнікам конкурса: вашыя работы радуюць і натхняюць! Пераможцы атрымаюць прыемныя падарункі ад АПБ. Шчыра жадаем паболей гуляць на прыродзе, няхай вашае лета будзе сонечным і птушыным!
Карына Салавей, каардынатарка кампаніі «Жаўрук-смяцюх – птушка 2017 года», salavei@ptushki.org