In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Дзе кулік — там і свята

Тураў! Як ладзілі сёмы Фестываль кулікоў, як злапалі турухтанаў і як марадункі падрыхтавалі падарункі? 

23 красавіка ў Тураве прайшоў сёмы Фестываль кулікоў. Арніталагічныя экскурсіі, «птушыныя» майстар-класы, канцэрт – такім чынам АПБ і мясцовыя ўлады звяртаюць увагу на ўнікальную прыродную тэрыторыю каля старажытнага горада.

Тураўскі луг, або Тураўскае балонне, займае каля 140 га ў пойме ракі Прыпяць. Гэта Тэрыторыя важная для птушак (ТВП) міжнароднай значнасці, так званы «птушыны аэрапорт». Больш за 50 000 гусей, больш за 30 000 качак, больш за 200 тысяч кулікоў – такімі лічбамі можа пахваліцца Тураўскае балонне. Арнітолагі даўно сказалі: такое месца ў Беларусі – адзінае.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі

- Я ўжо 25 год прыязджаю ў Тураў. Жыткавіцкі раён – самы птушыны, паверце! Вы кожны дзень бачыце Тураўскае балонне, але павінны разумець, што гэта тэрыторыя глабальнай значнасці! «Ахова птушак Бацькаўшчыны» плануе падаваць гэтую ТВП у Рамсарскі спіс, пад міжнародную ахову. Пакуль у спісе 23 тэрыторыі Беларусі, спадзяемся пабачыць там і Тураўскае балонне. Віншую ўсіх са святам, няхай кожны год будзе больш кулікоў, больш турыстаў, і больш увагі да гэтага месца! – павітаў гасцей і падзяліўся прыродаахоўнымі планамі дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі

Пасля такіх слоў чэргі на экскурсіі становяцца большымі. Паглядзець на рэдкіх птушак і дазнацца, колькі відаў хаваецца за словам «кулікі», хочуць і дарослыя, і дзеці. На свята завітала добрае надвор’е: сярод хмар з’явілася сонейка. Разглядаць пёры і дзюбы птушак куды лягчэй.

Экскурсійны "аўтобус"Экскурсійны "аўтобус"

На лузе гасцей сустракаюць арнітолагі. Паглядзім у трубу, потым замацуем па фотаздымках і ў вызначальніку – і можна пераходзіць да наступнага віду!

Перад групамі на шпацыр выходзілі кулікі-крыўкі, блізка падпускалі баталёны, узляталі і сядалі кнігаўкі. Цяпер зразумела, чаму апошніх так назвалі: птушка ў палёце – сапраўдная разгорнутая кніга!

Менавіта ў Тураве знаходзіцца адзіная ў Беларусі станцыя кальцавання птушак. Яе супрацоўнікі – арнітолагі Акадэміі навук – праводзяць на Тураўскім балонні сезон з красавіка па верасень: кальцуюць птушак, расчышчаюць пойму Прыпяці ад хмызнякоў і смецця. Пад час фестывалю ўсе жадаючыя маглі патрапіць на экскурсію на станцыю, паглядзець, як кальцуюць птушак, спытаць, навошта гэта робіцца і як атрыманыя дадзеныя памагаюць навукоўцам. «Разынкай» стаў выпуск кулікоў. У дзень свята сярод турухтанаў і траўнікаў апынулася і марадунка: менавіта гэтаму рэдкаму куліку ў Тураве ўсталяваны адзіны ў свеце помнік.

Дарэчы, "разынкай" фестывалю стаў хадулачнік! Рэдкая птушка, якую ў нашай краіне адзначаюць не кожны год, як быццам адмыслова завітала на фестываль у Тураў! Самец і самка гэтага віду трымаліся ў Запясоччы недалёка ад горада, і дазволілі паназіраць за сабой. Вось такі святочны цуд.

Хадулачнік. Фота — С.ЛевыХадулачнік. Фота — С.Левы

З кожным годам больш увагі балонню надаюць не толькі арнітолагі, але і мясцовыя ўлады.

Старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый ГайкевічСтаршыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч

- У нашым раёне сканцэнтраваны практычна ўсе віды флоры і фаўны Палескага рэгіёна. Тураўшчына – асаблівы куток Палесся. Звярнуць увагу людзей на Тураўскі луг, на яго «жыхароў» – кулікоў і іншых водна-балотных птушак, на іх праблемы – наша агульная справа. Важна зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтыя мясціны нашчадкам!– адзначае старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч.

На жаль, у кулікоў нямала пагроз: пойма Прыпяці зарастае хмызнякамі і выцясняе птушак, мясцовыя любяць гуляць з сабакамі і ладзіць пік-нікі менавіта тут. Таму звярнуць увагу на ўнікальную тэрыторыю і расказаць, як не пашкодзіць птушкам і як захаваць жамчужыну Палесся, варта кожны год.

Лепш за птушак Тураў ведае хіба што мэр горада. Сяргей Скарапацкі таксама вітае гасцей свята.

Мэр Турава Сяргей Скарапацкі Мэр Турава Сяргей Скарапацкі

- Фестываль кулікоў – унікальная падзея для Турава і для ўсёй Беларусі. Дзясяткі тысяч птушак ў адным месцы – гэта наш Тураўскі луг! Людзі з розных куткоў Еўропы прязджаюць сюды, каб на свае вочы пабачыць гэты цуд. Асаблівая тэрыторыя патрабуе асаблівай падтрымкі і ўвагі. Штогод ладзяцца розныя мерапрыемствы, каб захаваць тэрыторыю. У дзень фестываля хачу яшчэ раз звярнуцца да жыхароў: памятайце, што жывеце побач з вялікім месцам, захоўвайце яго і не прыносьце шкоду,- нагадаў старшыня гарвыканкама.

Фестываль кулікоў адбыўся ў тым ліку і дзякуючы праекту «Прырода важная для ўсіх», які АПБ реалізуе пры падтрымцы ЕС. Экалогія і ахова навакольнага асяроддзя – важны момант для ўсіх краін Еўрасаюза. Гэта і важная частка супрацоўніцтва ЕС з Беларуссю. І на свяце гэта падцвердзілі з першых вуснаў.

Аташэ, каардынатар праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Піліп Бернар.Аташэ, каардынатар праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Піліп Бернар.

- Нядаўна ў Нью-Ёрку адбылася важная падзея: большасць краін свету падпісалі Парыжскае пагадненне аб змяненні клімату. Такое адбылося ўпершыню ў гісторыі свету. І прагрэс будзе толькі тады, калі кожны будзе рабіць крок наперад. Як гэтага дасягнуць? Важна, каб і на мясцовым узроўні кожны зрабіў нешта для змянення сітуацыі. Як, напрыклад, тут. Ініцыятывам на мясцовым узроўні мы надаем шмат увагі. Таму давайце працягваць! –заклікае аташэ, каардынатар праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Піліп Бернар.

Між тым канвеер экскурсій працягваецца. Куток на плошчы, дзе размешчана фотасушка, ператвараецца ў «адкрыты ўрок»: пасля экскурсій людзі трэніруюцца вызначаць птушак па фотаздымках.

Пашчасціла і тым, хто апынуўся на іншых пляцоўках галоўнай плошчы Турава: там ладзіўся шэраг «птушыных» майстар-класаў. Кулікоў рабілі ў выглядзе магнітаў, флікераў, паштовак. Можна было зрабіць птушку з воўны ці птушку-аквагрым.

Адначасова праходзілі дзіцячыя забавы. Вядома, што вывучаць кулікоў ў форме гульні куды прасцей! Усе жадаюючыя праверылі свае веды на адмысловым кулічыным квэсце: шукалі словы-падказкі па ўсім горадзе, складалі вершы ў гонар птушак і выконвалі іншыя заданні.

 

Скончыўся фестываль канцэртам трох мінскіх гуртоў. Але «кулічыны сезон» у Тураве не скончыўся. АПБ запрашае наведаць пойму Прыпяці, бліжэй пазнаёміцца з дубальтам і вялікім грыцуком, даведацца пра прычоскі кнігавак і каўняры баталёнаў, і ўпэўніцца: птушкі – гэта цуд! 

Больш фотаздымкаў ВКонтакте 

Больш фотаздымкаў у Facebook 

Фестываль кулікоў прайшоў дзякуючы праекту "Аб'ядноўваючыся вакол прыроды" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза 

Ходзім за воўкам
28 красавіка 2016 года
Таксама глядзіце
Падарунак Тураўскаму лугу
40 000 птиц с кольцами за 20 лет!
Волонтерский лагерь в Турове: к возвращению дупелей — готовы!
Я тебя вырублю!
Туров: люди против ивы
Летник на Туровском лугу — помоги кулику!
Волонтеры, едем в Туров!
Как коровы помогают птицам?
Рекорд: на Туровском лугу — 120 тысяч турухтанов!
Туровские джунгли