Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ абвяшчае чарговы конкурсны набор заявак па Мемарыяльнай праграме падтрымкі маладых даследчыкаў імя Сяргея Абрамчука (1984-2010).
Сяргей Абрамчук. Фота — www.birdwatch.by
Праграма працуе ўжо чатырs гады, і на працягу мінулых гадоў на конкурс было даслана 15 заявак ад маладых даследчыкаў Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны, Гомельшчыны і г. Мінска. Тэматыка была даволі разнастайная і датычыла фауністыкі, рыбгасаў і асобных відаў, даследвання патэнцыйных ТВП і міграцыі птушак. Дзякуючы таму, што Праграма выклікала цікаўнасць не толькі з боку маладых даследчыкаў у якасці суіскальнікаў, а таксама з боку больш сталых асоб у якасці спонсараў, за мінулыя чатыры гады бюджэт Праграмы склаў каля 3000 USD.
За чатыры гады было падтрымана сем заявак. Усе праекты былі паспяхова рэалізаваныя. Дзякуючы падтрымцы Праграмы, у 2013-2014 годзе ўпершыню ў Беларусі больш за 100 птушанят белага бусла былі акальцаваны каляровымі кольцамі. З’явілася новае ТВП і Рамсарскае ўгоддзе – «Палеская даліна ракі Буг», а таксама новыя намінанты Смарагдавай сеткі.
Чакаем наступых ідэй!
У мінулыя два гады праграму падтрымалі ахвяраваннямі наступныя асобы: Юрый Бакур, Кшыштаф Вайцэхоўскі, Дзяніс Кіцель. Шчыра дзякуем ад імя маладых даследчыкаў і аргкамітэту праграмы.
Для ўдзелу ў конкурсе дастаткова запоўніць заяўку і даслаць яе ў Сакратарыят праграмы (apb_brest@mail.ru). Апошні тэрмін падачы заявак — 10 сакавіка. Вынікі адбору будуць агучаны на старонках сайтаў АПБ www.ptushki.org і www.birdwatch.by.
Спампаваць Правілы для прэтэндэнтаў
У гэтым годзе перавага будзе нададзена праектам, накіраваным на даследванне новых патэнцыйных ТВП і аб'ектаў «Смарагдавай сяці» (рус. — Изумрудной сети). Таксама вітаюцца і іншыя прапановы. Падрабязную інфармацыю пра аб'екты, якія патрэбна даследваць, а таксама пра методыку і крытэрыі вызначэння аб'ектаў «Смарагдавай сяці» можна даведацца па электроннай пошце: egreta113@mail.ru.
Мэта праграмы – падтрымка маладых даследчыкаў у галіне арніталогіі ў рэалізацыі іх палявых даследванняў, стымуляванне да публікавання вынікаў сваіх даследванняў.
Праграма дае магчымасць забеспячэння элементарных патрэбаў пры рэалізацыі палявых даследванняў: набыццё неабходнага абсталявання, транспартныя выдаткі, харчаванне, але не дае магчымасці заробкаў праз навуковую дзейнасць.
У праграме можа прыняць удзел кожны! Маладыя даследчыкі — праз удзел у конкурсе і атрыманне сродкаў, а вопытныя навукоўцы ці проста аматары прыроды могуць стаць яе спонсарамі. Кожны, хто цікавіцца птушкамі і каму не больш за 26 гадоў, можа атрымаць падтрымку ва ўласных даследваннях. Кожны, каму больш за 26 гадоў, можа ахвяраваць сродкі для выкарыстання ў рамках праграмы. Па пытаннях ахвяравання сродкаў звяртайцеся па электроннай пошце egreta113@mail.ru альбо па тэлефонах +37597253216, +375297929924.
Андрэй Абрамчук, Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ