In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
18 снежня — прэм'ера фільма "Подых балот"

Шмат людзей чакаліпрэм’еры фільма пра беларускія балоты. Нарэшце грамадская кампанія «У абарону беларускіх балот» запрашае на першы прагляд 24-хвіліннага дакументальнага фільма «Подых балот». Прэм’ера адбудзецца 18 снежня а 19:00 у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-кт Незалежнасці, 47). Уваход – вольны. 

У межах кінапаказу ўсе змогуць пазнаёміцца з працамі мастакоў выставы «Багна» – фэсту творчых практык і крытычных ведаў, які праходзіў сёлета ў жніўні на балоце Морачна. Куратар праекта – мастак Bazinato.

У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць гурт «Нагуаль», якi выканае музычныя кампазіцыі, адмыслова створаныя для фільма.

Дакументальны фільм «Подых балот» распавядае пра лёс балот, што трапілі ў «чорны» спіс прызначаных для асушэння, і іх жыхароў, якія падзяліліся сваімі гісторыямі жыцця на балоце.

Фільм знаёміць гледача з незвычайным прыродным асяроддзем балот, якія захоўваюць для нас ваду, змякчаюць клімат, з’яўляюцца прытулкам не толькі для мноства відаў птушак і звяроў, але і старадаўніх легенд.

Разам з тым у фільме закранаецца праблема змены экасістэмы балот, звязаная з працэсам торфаздабычы. Гледачы змогуць пачуць апавяданні мясцовых жыхароў пра тое, як памяняўся іх звыклы лад жыцця і родныя мясціны праз асушэнне тарфянікаў.

-Нашай задачай было прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей да праблемы асушэння балот. Таму ў 2014 годзе было вырашана зняць фільм пра тыя з іх, што патрапілі ў «чорны» спіс. Мы шмат часу правялі ў экспедыцыях, у зносінах з мясцовымі жыхарамі і хацелі перадаць іх бачанне, гісторыі іх жыццяў, праведзеных на балоце,– распавядае каманда грамадскай кампаніі «У абарону беларускіх балот».

У снежні і студзені запланаваны паказы фільма, а таксама выставы ў некаторых гарадах Беларусі і вёсках, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад балот, што асушаюцца. За раскладам сачыце на сайце Bezbolot.net або ў групах сацыяльных сетак Facebook і Вконтакте.

Прыходзьце 18 снежня ў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва паглядзець фільм, пазнаёміцца з фотаздымкамі работ мастакоў і атрымаць памятныя паштоўкі!

Кантакты арганізатараў кінапаказу: Косця (+375) 29 7733690, Воля (+375) 29 6951548

Спасылкі на мерапрыемства ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Даведка

Пра выставу фестывалю «Багна»

Першы фестываль творчых практык «Багна» праходзіў у межах кампаніі «У абарону беларускіх балот» у жніўні, калі на тэрыторыі балота Морачна група мастакоў стварала розныя экспазіцыі. Творы выставы ўключаюць інсталяцыі і аўдыёвізуальныя эксперыменты з дапамогай святла і малюнка, ўлічваючы прынцыпы «нулявога ўплыву». Мэтай выставы было звярнуць увагу на праблему асушэння балот і торфаздабычы ў нашай краіне, а таксама пазнаёміць усіх жадаючых з тэмай яднання чалавека і прыроды.

- З дапамогай разнастайных творчых практык мы імкнуліся данесці філасофію асэнсаванага і беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя і спадзяемся, што ў выніку праекта мы здолелі пазнаёміць вас з унікальнай прыродай балота Морачна і цікавымі людзьмі, якія займаюцца рознымі творчымі і экалагічнымі практыкамі,– адзначае каардынатар кампаніі Вольга Каскевіч.