In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
11 кабанчыкаў за 9 секундаў і фотасесія рысі. Белавежская пушча вачыма фотапастак

Мінуў месяц, як на сайце АПБ з’явіўся «Канал дзікай прыроды з Белавежскай пушчы». Кожны тыдзень мы знаёмім чытачоў з цікавымі фотаздымкамі, якія атрыманы з дапамогай камер-фотапастак, усталяваных у Белавежская пушчы. Гэта не мастацкія, але сапраўды ўнікальныя здымкі, якія паказываюць жыццё дзікай прыроды. Прыемна, што нашы чытачы таксама адзначылі гэтыя сюжэты. Фотаздымкі з Белавежскай пушчы – адны з самых папулярных у сацыяльных сетках АПБ! Акрамя «лайкаў», людзі дзеляцца сваімі эмоцыямі ад убачанага, сваім досведам і ўспамінамі ад уласных сустрэч з дзікімі жывёламі ў лесе. Дзякуй за гэта! Што мы публікавалі ў кастрычніку? Чытайце ў нашым аглядзе.

Цягам кастрычніка мы пісалі пра рысь, ваўкоў, дзікоў, лісіцу і гаспадара пушчы – зубра

Перад вамі – намінант на «Фота года» сярод фотапастак. Рысь – вельмі рэдкі драпежнік Белавежскай пушчы, і камеры не багатыя на такія здымкі. А тут – незвычайнае відовішча: асцярожная рысь згадзілася на «фотасесію» на звярыным пераходзе. Рысі кантралююць вялікія плошчы і пераадольваюць далёкія адлегласці, ступіць на ранейшае месца могуць праз паўгады. Увосень паляваць ім складаней: маладняк у пушчы падрос, на лёгкую здабычу больш нельга разлічваць.

Ваўкі– сімвалы дзікай прыроды. Лічыцца, што ў месцах пражывання ваўкоў дзікая прырода жывая, экалагічныя ланцугі харчавання не разбураныя. Увосень ваўкі збіраюцца ў зграі, іх актыўнасць узрастае. Разам з гэтым расце і колькасць «ваўчыных» кадраў. Што ж, тады чакаем больш масавых фота ці відэа!

Яшчэ адзін воўк. Рэдкі здымак звера са здабычай.

- Накарміць ваўчанят – велізарны клопат для бацькоў, - адзначае супрацоўнік АПБ, кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас. – Палююць у гэты перыяд ваўкі ў асноўным у адзіночку, часцей за ўсё іх здабыча – маладыя жывёлы. На здымку бачна, з якой асцярожнасцю воўк нясе здабычу ваўчанятам.

На гэтым кадры ў аб'ектыве фотапасткі – зубр-доўгажыхар.

- Гэтаму зубру прыкладна 20 год. Самцы жывуць каля 25 год, таму гэта – сапраўдны доўгажыхар. Такіх у пушчы няшмат, пару дзесяткаў. На 1 студзеня 2014 года папуляцыя зуброў у Белавежскай пушчы ацэньвалася ў 460 асобін, — распавядае вядучы навуковы супрацоўнік ДПУ НП «Белавежская пушча», кандыдат біялагічных навук Аляксей Буневіч.

Са жніўня ў зуброў гон, самцы шырока разыходзяцца ў пошуках самкі. Будзем спадзявацца хутка зноў убачыць іх на фота!

Лісіца. Пра яе прыгажосць мы ведаем яшчэ з народных казак. Доказ таму – гэты здымак: па восені ў лісіц адрастае густая зімовая поўсць. Колькасць лісіцы ў аграрным наваколлі Белавежскай пушчы апошнім часам значна павялічылася. Нягледзячы на гэта, яны даволі рэдка трапляюць у аб'ектывы аўтаматычных фотакамер у глыбіні лесу. Рыжага звера больш прывабліваюць перыферыйныя, мазаічныя ўчасткі лясоў, паплавы, пералескі паміж палямі. Яе пранікненню ўглыб лясных гушчароў спрыяе дарожная і квартальная сеткі, харчовыя паляны і іншыя элементы інфраструктуры.

І на развітанне – відэа неверагодна шпаркіх кабанчыкаў! 9 секундаў –11 дзікоў! Куды яны нясуцца па лесе?

Варта звярнуць увагу на 2-х плямістых парсючкоў. Адметны колер – праява генаў хатніх кабаноў. Гэта — паказчык, што ў мінулым іх продкі мелі стасункі з хатнімі парсюкамі. А вось дарослыя жывёлы такой афарбоўкі – рэдкасць, бо ва ўмовах дзікага лесу выжыць такім «плямістым» парсюкам значна цяжэй, чым іх «звычайным» братам і сёстрам. 

Што яшчэ адбываецца ў пушчы? Будзем сачыць разам на «Канале дзікай прыроды»! Шукайце свежыя фота з Белавежскай пушчы ў сацыяльных сетках АПБ ВKонтакте і ў Facebook! Агульны агляд з камер-фотапастак за лістапад з’явіцца напачатку снежня на сайце АПБ на «Канале дзікай прыроды з Белавежскай пушчы».

Вікторыя Церашонак, прэс-служба АПБ 

Таксама глядзіце
Ваўкі Белавежскай пушчы: паляваць ці ахоўваць?
Як клімат змяняе паводзіны рэчкі: у Белавежскай пушчы прайшоў Тыдзень водна-балодных угоддзяў
«Болотные» мастер-классы прошли в Каменюкской средней школе
Водна-балотны тыдзень у Белавежскай пушчы
Ошейники у волков, отловленных в 2015 году, отсоединились
Шакал унесены ў афіцыйны спіс звяроў Беларусі
Падарожжа з драпежнікам, альбо вітаем на "Воўчым блогу"
По пуще гуляет рысь с тремя котятами! Есть надежда на рост популяции.
Волк в Беловежской пуще: стрелять нельзя помиловать?
В «Выгонощанском» хищники чувствуют себя хорошо