"Ахова птушак Бацькаўшчыны" запрашае вас 18 кастрычніка прыняць удзел у другой экскурсіі гэтага года, якую мы ладзім адмыслова для сябраў клуба «Рэдкая птушка». Першая экскурсія «У пошуках шчурак-пчалаедак» адбылася 31 мая.
На гэты раз мы наведаем адзіны беларускі запаведнік, які ўваходзіць у структуру ААПТ – Бярэзінскі біясферны запаведнік. Вы даведаецеся, навошта існуюць асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі (ААПТ), чым заказнікі адрозніваюцца ад запаведнікаў і на якой падставе розныя тэрыторыі перадаюцца пад ахову дзяржавы.
Бярэзінскі біясферны запаведнік
Шпацыр па лясной запаведнай сцяжыне адбудзецца пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка запаведніка, арнітолага Юрыя Багуцкага.
На працягу ўсёй экскурсіі мы будзем знаеміцца з птушыным светам Бярэзінскага біясфернага запаведніка, вучыцца адрозніваць птушак па галасах, нам адкрыецца панарама на Верхавое балота з 15-ціметровай вышыні! Дарэчы, Бярэзінскі знакаміт рознымі відамі дзятлаў, а арнітафаўна запаведніка за ўвесь час налічвае 234 віда птушак!
Бярэзінскі біясферны запаведнік
Мы ад’язджаем у суботу 18 кастрычніка а 9.00 ад офіса АПБ (вул. Парніковая,11). Вяртаемся ў Мінск пасля 15.00. Кожнаму ўдзельніку пажадана мець пры сабе бінокль, палявы вызначальнік птушак і зручнае адзенне з улікам надвор’я.
Бярэзінскі біясферны запаведнік
Абавязкова трэба пацвердзіць свой удзел у экскурсіі да 14 кастрычніка па тэл. гар: 8 017-263-06-13 тел, 8 029-264-87-66 МТС, 8 029-101-68-87 Velcom ці даслаць e-mail на salavei@ptushki.org.
Важна: калі вы не з’яўляецеся сябрам клуба АПБ «Рэдкая птушка», але хацелі б паўдзельнічаць у экскурсіі, далучайцеся да клуба зараз – запоўніць анкету на ўступ можна тут.
З павагай, Карына Салавей, супрацоўнік па кампаніях і акцыях АПБ
Фота — www.berezinsky.by