Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" запусціла онлайн базу дадзеных маніторынгу тэрыторый, важных для захавання біяразнастайнасці, у аснове якой Тэрыторыі, важныя для птушак (ТВП), а таксама басейн р. Вілія, значны для захавання прахадных ласосевых у Беларусі. У большасці сваёй усе тэрыторыі з'яўляюцца водна-балотнымі угоддзямі — важным элементам для захавання водных рэсурсаў і унікальнай біяразнастайнасці, які залежыць ад натуральнага гідралагічнага рэжыму.
Рэсурс дазваляе атрымліваць доступ да поўнай інфармацыі пра ТВП у Беларусі, раней такой магчымасці не было нават у вузкіх спецыялістаў. Цяпер усе зацікаўленыя змогуць азнаёміцца з сабранымі дадзенымі пра ТВП і выкарыстоўваць іх як у прафесійных мэтах, так і для агульнага азнаямлення. Варта адзначыць некаторыя магчымасці, такія як прагляд дакладных межаў тэрыторый на аснове Google Maps, фільтры па ТВП-ўтваральных відах птушак.
Галоўная старонка базы дадзеных
Ствараючы новы рэсурс, мы спадзяемся прыцягнуць увагу да тэрыторый, важных для захавання біяразнастайнасці і далучыць да іх вывучэння, кантролю і захавання шырокае кола людзей. Акрамя онлайн даведніка, рэсурс з'яўляецца таксама інструментам зваротнай сувязі — гэта была адна з асноўных мэт пры яго распрацоўцы. Мы чакаем, што карыстальнікі праз зваротную сувязь у выглядзе "візіт- справаздач" і "паведамленнях пра пагрозы" дапамогуць нам сабраць інфармацыю пра тэрыторыі, кантраляваць іх стан, а таксама аператыўна далучацца да вырашэння пагроз, якія ўзнікаюць. Адкрыты доступ да інфармацыі і зручная зваротная сувязь будуць садзейнічаць ліквідацыі "белых плям" у пытаннях вывучэння, удакладнення дадзеных у дачыненні да ТВП і прахадных ласосевых.
Адна з прыярытэтных задач рэсурсу — прыцягнуць новых людзей у рух захавальнікаў ТВП і ласося, а таксама зрабіць іх дзейнасць больш эфектыўнай. На працягу пяці год АПБ актыўна працуе з мясцовым насельніцтвам для ўключэння яго ў кантроль і захаванне тэрыторый.
Дзякуючы новаму рэсурсу з інтэрактыўнай мапай, кожны зможа знайсці "сваю" тэрыторыю ці нават некалькі і заставацца на сувязі з АПБ і іншымі захавальнікамі. Па меры далейшага развіцця, рэсурс будзе напаўняцца тэматычнымі матэрыяламі з прывязкай да канкрэтнай тэрыторыі. Даведацца больш пра захавальнікаў, далучыцца да іх вельмі проста праз раздзел "Захавальнікі" і анкету "Стаць захавальнікам ТВП".
Рэсурс створаны ў межах праекту "Развіцце І ўмацаванне сеткі захавальнікаў вакол знакавых водна-балотных угоддзяў" пры падтрымцы прыродаахоўнай асацыяцыі "Кааліцыя Чыстая Балтыка".
Вольга Лукшыц, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ